Тыдзень роднай мовы

21.02.2020

 

У ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Расінка” г. Валожын прайшоў тэматычны тыдзень, прысвечаны Дню роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.  Удзел у мерапрыемствах прынялі педагогі, выхаванцы і іх бацькі.

Пачаўся тэматычны тыдзень з акцыі “Прывітаемся па-беларуску” ва ўсіх узроставых групах. На працягу ўсяго тыдня ў групах праходзілі мерапрыемствы на роднай мове.

Выхаванцы малодшых груп адправіліся ў падарожжа разам з героямі беларускіх народных казак. Дзеці з задавальненнем гулялі ў беларускія народныя гульні, слухалі беларускія народныя песні і разглядалі ляляк у беларускім народным аддзенні.

Выхаванцы сярэдніх груп малявалі беларускія ўзоры, Сцяг нашай краіны, ляпілі  з пластыліну “Беларускую свістульку”. Дзеці з захапленнем прынялі ўдзел у інсцэніроўцы народнай казкі “Коцік, пеўнік і лісіца”. Беларускія гульні “Кот Апанас”,“Капялюш” і іншыя весялілі дзяцей на кожнай прагулцы. Заканчэннем тыдня стаў прагляд мультфільма “Як Несцерка скарб шукаў”.

На працягу тыдня выхаванцы старэйшых груп гулялі ў слоўнікавыя гульні “Перакладчыкі”, блытанка “Так ці не”, “Назаві свята”, настольныя гульні “Мемо Беларусь”, “Падарожжа па Беларусі”, “Складзі герб”, ляпілі з пластыліну “Беларускія цацкі”. Адным з любімых заняткаў у выхаванцаў старэйшых груп з’яўляецца канструяванне з Лега, дарэчы, каллектыўная пабудова “Белая Вежа” ўразіла не толькі выхавацелей, але і бацькоў.  Дзеці разам з бацькамі з задавальненнем прынялі ўдзел у  конкурсе творчых работ “Малюем беларускую казку”. Завяршэннем тыдня сталі два яркіх мерапрыемствы – бяседа-эстафета “Знакамітыя спартсмены нашай краіны”, наведванне выхаванцамі гарадской дзіцячай бібліятэкі, а таксама прагляд відэароліка “Беларусь на далоні”.

Для бацькоў выхаванцаў нашай установы выхавацелямі ўсіх ўзроставых групп была праведзена кансультацыя  “Родная мова – наша багацце”.